История 2. Общая история

Дзмітрук А. П.

Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь

ПАРТЫІ ЎРАДАВАЙ АРЫЕНТАЦЫІ ЯК МЕХАНІЗМ ЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ ПОЛЬСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ Ў 1928—1939 ГГ.

 

Аб’ектыўна выбарчая сістэма Рэчы Паспалітай Польшчы, заканадаўча замацаваная ў 1922 г., патрабавала дакладную арганізацыю польскага грамадства як адзіную магчымасць атрымаць перамогу ў выбарах і стварыць польскае прадстаўніцтва ад зямель этнічна не польскіх [1]. Адсюль галоўным лозунгам стала ідэя яго кансалідацыі ў імя інтарэсаў дзяржавы. Асэнсаванне з боку польскай грамадскасці такой неабходнасці дазваляла ўраду падпарадкоўваць польскія грамадскія арганізацыі сваім мэтам.

Акрамя гэтага выбарчая сістэма абумовіла наяўнасць кіраўнічага цэнтра. Фактычна ім стаў Савет міністраў Рэчы Паспалітай Польшчы, які ініцыяваў, прызначаў, кантраляваў працэс стварэння ваяводскіх рэгіянальных камітэтаў на чале з ваяводамі [2, с. 20-21]. Апошнія ў сваю чаргу займаліся не толькі фарміраваннем выбарчых камітэтаў Беспартыйнага блока, але і кіравалі ўсёй выбарчай акцыяй (распрацоўвалі выбарчую тактыку, акрэслівалі склад выбарчых камітэтаў, вызначалі кандыдатаў у паслы) згодна з дырэктывамі Савета міністраў, падпарадкоўваючы грамадскія арганізацыі сваім уплывам. Ваяводы, старасты заканадаўча сталі на чале не толькі адміністрацыі, але і самакіравання і грамадскага руху рэгіёна [3].

Фарміраванне і развіццё Беспартыйнага бока супрацоўніцтва з урадам маршала Ю. Пілсудскага на рэгіянальным узроўні, на прыкладзе Палескага ваяводства, можна падзяліць на фазы. Галоўным крытэрыем для гэтага з’яўляецца характар дзейнасці арганізацыі, які дастаткова добра прасочваецца па дакументах, выпрацаваных адміністрацыйнымі і ваеннымі ўладамі.

Першая фаза фарміравання ББСУ у Палескім ваяводстве распачынаецца адразу пасля выбараў у Сейм і Сенат у канцы сакавіка 1928 г. і працягвалася да канца 1929 гг. Яе мэтай стала стварэнне тэрытарыяльнай структуры і базы блока ў выглядзе грамадскіх арганізацый, асабліва на павятовым і гмінным узроўні. Акцыя суправаджалася правядзеннем выбараў у тэрытарыяльнае і прафесійнае самакіраванне. Паміж імі назіралася цесная ўзаемасувязь.

Пачаткам другой фазы фарміравання Беспартыйнага блока ў Палескім ваяводстве стала рэвізія ў пачатку 1930 г. стану ББСУ. Нягледзячы на разнароднасць спраў можна вызначыць адну агульную — ўздзеянне ў двух накірунках — уцягванне арганізацый у працы блока і іх падпарадкаванне.

30 жніўня 1930 г. абвясцілі пачатак выбарчай кампаніі ў прадстаўнічыя органы Рэчы Паспалітай Польшчы — пачалася трэцяя фаза. Увесь выбарчы працэс быў падзелены на перыяды, якія адпавядалі асноўным дзеянням, прадугледжанымі законам. Адметнасцю стала шырокае выкарыстанне грамадскіх арганізацый у выбарчай акцыі. Іх месца і роля ў Беспартыйным блоку вызначалася функцыямі, якія яны выконвалі пры арганізацыі і правядзенні выбараў, якія скончыліся ў ваяводстве поўнай перамогай урадавай групоўкі. На дадзеным этапе захоўваецца кіраўнічая роля адміністрацыі, але ажыццяўляецца пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж блокам і грамадскімі арганізацыямі ў ходзе якой складваецца структура руху пілсудчыкаў і канчаткова была аформлена ББСУ.

Працэс далейшага арганізацыйнага ўдасканалення Беспартыйнага блока адлюстраваны ў Праекце генеральнага сакратара па рэалізацыя закона аб частковай змене самакіравання. Канчатковым скрытым яго вынікам стала стварэнне секцый, якія дазволілі не столькі ўдасканаліць іерархічную пабудову ўнутры самога блока, колькі перанесці яе на грамадскія арганізацыі. Фактычна гэтая базавая адзінка (яе члены — кіраўнікі грамадскіх арганізацый) павінна была арганізаваць масы, выхаваць іх у палітычных адносінах, выдзеліць з іх асяроддзя новыя народныя эліты. Такім чынам, новая форма пабудовы блока дазваляла ў будучым паглыбіць працу ў грамадстве.

Механізм фарміравання Лагера Нацыянальнага Аб’яднання дэманструе пераемнасць, сістэмнасць, што бачна ў мэтах. Абедзве партыі фарміруюцца зверху шляхам прызначэння, што прадвызначыла высокую ступень цэнтралізацыі, элітарнасць. Абедзве займалі тую ж пасрэдную нішу ў палітычнай сістэме. Але, у адрозненне ад ББСУ, дзе для членства дастаткова было лаяльных адносін да дзяржавы, членамі ЛНА маглі стаць толькі этнічныя палякі, а мэтай самой партыі вызначана пабудова польскага грамадскага руху, арганізацыя польскага грамадства. Яна пазіцыіравала сябе як партыя польскай кіраўнічай эліты. Пры пабудове ЛНА функцыі па стварэнню руху, яго рэгістрацыі і звязаныя з імі, паступова пераходзіць з рук адміністрацыі да адпаведных кіраўнікоў партыі. Замест прамых паміж імі ўзнікаюць непрамыя сувязі. Затое фарміруюцца скрытыя прамыя сувязі з грамадскімі арганізацыямі.

Працэс замены партый прадстаўляе сабой дзве стадыі рэалізацыі розных дзяржаўных задач. Калі для ББСУ аб’ектам уздзеяння стала адміністрацыя (развіццё ўрадавай групоўкі стала крытэрыем спраўнасці ваявод!) [4-5], то для ЛНА — польскае грамадства, а дакладней кіраўнікі грамадскіх арганізацый [6-7]. Адпаведна змяняюцца мэты і сродкі ўздзеяння.

Такім чынам, грамадскі элемент, прадстаўлены ў Беспартыйным блоку, быў залежны кіруемы, выконваў тэхнічна-арганізацыйную працу па мабілізацыі і арганізацыі польскага насельніцтва. Ён — неад’емная частка механізма дзяржавы — цэласнай іерархічнай сістэмы арганізацый, устаноў, якія ажыццяўлялі задачы і функцыі дзяржавы. Яго немагчыма разглядаць выключна як грамадска-палітычны рух. Гэта элемент рэжыму ўлады.

Аналізуючы праекты, выпрацаваныя ў рамках рэгіянальных ячэек партый урадавай арыентацыі можна сцвярджаць, што іх роля — кіраванне грамадскай акцыяй у рэгіёне, аднак у адносінах да дзяржаўных улад з’яўляліся выканаўцамі, бо мэты і задачы ставіліся па-за арганізацыяй. Працэсы на рэгіянальным узроўні, нягледзячы на асаблівасці ў змесце прац, дэманструюць арганізацыйнае адзінства і пераемнасць. У рамках рэгіянальных праектаў ББСУ галоўнае месца нададзена пошуку формаў ахопу і метадам уздзеяння на сельскае, а значыць этнічна беларускае насельніцтва. ЛНА перайшла да пошуку сродкаў і формаў рацыянальнага, эфектыўнага кіравання імі праз падзел функцый паміж элементамі палітычнай сістэмы.

Партыі ўрадавай арыентацыі — гэта інструмент урада па уніфікацыі, цэнтралізацыі дзяржавы, нівеляванню рэгіянальных адметнасцей пры правядзенні адзінай палітыкі, выраўноўванню ўзроўню развіцця розных рэгіёнаў. Фактычна яны сталі механізмам узаемадзеяння дзяржавы і грамадства, які павінен быў прывесці да цэнтралізацыі польскай дзяржавы праз пабудову іерархічнай палітычнай сістэмы.

 

Літаратура:

 

1. Дзмітрук, А. П Параўнаўчы аналіз выбарчага заканадаўства ў органы сельскага самакіравання на тэрыторыі Заходняй Беларусі і цэнтральнай Польшчы (1918–1921) / А. П. Дзмітрук // Берасцейскі хранограф: зб. навуковых прац. Выпуск 5 / БрДУ імя А.С. Пушкіна; рэд. рада М.Э. Часноўскі [і інш.]. – Брэст: Альтенатива, 2009. – с.172-177.

2. Archiwum Akt Nowych (AAN). – PRM PKT 56. – T. 3.

3. Rozporządzenie prezydenta Rzeczypospolitej z 19 stycznia 1928 r. o organizacji w zakresie władz administracji ogólnej, poz. 86// Dziennik Ustaw Rzeczypospolitej Polskiej. – 1928. – № 11.

4. Дзмітрук, А. П.  Праект Беспартыйнага бока супрацоўніцтва з урадам па арганізацыі сельскагаспадарчай працы ў Палескім ваяводстве / А. П. Дзмітрук // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – № 34. – 2011. S. 153161.

5. Zjazd działaczy gospodarczych i społecznych miast wojewódstwa Wilenskiego zwołany przez radę wojewódzką BBWR w Wilnie 8 i IX 1933 r./ redagowali dr. A. Hirschberg i mgr. L. Pawłowski.  [Wilno]: Nakladem BBWR, [1933].  170 s.

6. Дзмітрук, А. П.  Праект акруговай сельскагаспадарчай секцыі Лагера Нацыянальнага аб’яднання па ўдасканаленню арганізацыйных формаў прац над павышэннем культурна-гаспадарчага ўзроўню сельскага насельніцтва на Палессі / А. П. Дзмітрук // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – № 35. – 2011. –S. 140–146.

7. Projekt reformy samorządu rolniczego na ziemiach północno-wschodnich / Biuro Studiuw OZN okręgu Wileńskiego i Nowogródskiego. – Wilno: Znicz, 1937. – 24 s.